2025 г. — 85 гадоў з часу перадачы трактара ХТЗ-15/30, першага ў Давыд-Гарадоцкім раёне, на машынна-трактарную станцыю (1940)
У г. Пінску ля музея Беларускага Палесся ўстаноўлены на пастамент трактар ХТЗ-15/30, які мае адметную гісторыю. Выраблены на Харкаўскім трактарным заводзе ў 1930-я гг. пад № 1126. Прызначаўся для работы на ворыве з двух- і трохкорпусным плугам, з навяснымі сельскагаспадарчымі прыладамі, прываду стацыянарных машын.
1 ліпеня 2016 г. – 90 гадоў з часу адкрыцця першай экспазіцыі Музея Беларускага Палесся (Пінск; 1926)
Ужо ў канцы ХIХ ст. выказвалася ідэя стварэння музея ў г. Пінску Мінскай губерні (цяпер Брэсцкай вобласці) – культурным і духоўным цэнтры Беларускага Палесся. У 1910 годзе была прадпрынята спроба адкрыць музей, але адсуднічала падтрымка з боку афіцыйнай улады. У хуткім часе пачалася І Сусветная вайна, якая не дазволіла здзейсніць гэты праект.
Чарговае пытанне пра стварэнне музея было паднята ў сярэдзіне 1920-х гадоў. 17 кастрычніка 1924 года праўленне Палескага краязнаўчага таварыства на сваім пасяджэнні прыняло рашэнне аб заснаванні ў Пінску Палескага краязнаўчага музея. Была створана камісія пад старшынствам выкладчыка Пінскай гімназіі Рамана Гарашкевіча, якая на працягу двух гадоў вяла работу па стварэнню музея. Р. Гарашкевіч (1892–1962) нарадзіўся ў Тарнопальскім краі (цяпер Цярнопальская вобласць Украіны), закончыў факультэт геральдыкі і гісторыі Кракаўскага ўніверсітэта і факультэт археалогіі Львоўскага ўніверсітэта.